СТАНІСЛАВО́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 ст. на ўскраіне Гродна ў яго б. прыгарадзе Станіславова. Сфарміравана ў 1760—70-я г. паводле праекта арх. Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ансамбль уключаў сядзібны дом, 2 флігелі, гасп. пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Цэнтр. месца займаў сядзібны дом, размешчаны на вяршыні пакатага схілу. Дом — 1-павярховы (2-і паверх надбудаваны пазней) прамавугольны ў плане мураваны будынак з 2-павярховай цэнтр. ч., вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным — рызалітам з атыкавым завяршэннем і шырокай тэрасай. У дэкоры выкарыстаны вязкі пілястраў, раскрапаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы аздоблены лучковымі трохвугольнымі франтонамі, гірляндамі і інш. У вестыбюлі захаваліся 2 печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванымі керамічнымі пліткамі (канец 19 ст.). Ніжэй за палац сіметрычна размешчаны 2 бакавыя флігелі, якія ўтвараюць парадны курданёр, абнесены з боку ўезда невысокай цаглянай агароджай з брамай. Флігелі — 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі чарапічнымі дахамі. За зах. флігелем размешчаны гасп. пабудовы. За домам размяшчаўся парк рэгулярнага тыпу з радыяльна-прамянёвай схемай планіроўкі.

А.​М.​Кулагін.

Станіславоўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Станіславоўская сядзіба. Сядзібны дом.

т. 15, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)